У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Cувенирная продукция
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

18.08.2017 Тэхналогія стварэння тканіны ў традыцыйнай культуры беларусаў

Тэхналогія стварэння тканіны ў традыцыйнай культуры беларусаў

Тэхнікі перапляцення матэрыялаў развіваліся задоўга да з'яўлення ткацкіх станкоў. Людзі канструявалі рэчы з лазы ці саломы, рабілі рыбалоўныя сеткі. Народ ўдасканальваў свае навыкі, і праз час з'явілася ткацтва. Як гэта было, распавёў и паказаў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.

Тэхналогія стварэння тканіны ў старажытнасці была прымітыўнай. Характарызавалася яна звычайным перапляценнем гарызантальных і вертыкальных нітак. Пачатковыя тэхнікі пляцення фіксуюцца напрыканцы каменнага веку – прыкладна 8 тыс. да н. э. Вертыкальнымі былі і першыя беларускія кросны. Ніткі прымацоўвалі да верхняга яруса габелена, а ніз падцягвалі грузіламі. Паступова ткацкі станок становіцца гарызантальным. Канструкцыя трымалася на драўлянай апоры, якую беларусы называлі «ставы». Нярэдка каркас выразалі з карнявішча, і гэта самая архаічная яго форма. Ніткі асновы навіваюць на вялікай вал, а гатовае для продажу сукно – на малы таварны. Ад слова «навіваць» драўляныя стрыжні атрымалі назву «навой». Верхнія і ніжнія, цотныя і няцотныя ніткі аддзяляліся адмысловымі дошчачкамі, каб пазбегнуць заблытвання. Незаменнай дэталлю ткацкага станка лічыліся рэмізкі. Яны падымалі і апускалі ніткі, перамяшчалі іх справа налева і наадварот. Тканіна прыбівалася пры дапамозе «набіліцы», а бёрда фармавалі шырыню і шчыльнасць сукна.

У традыцыйнай культуры беларусаў бакі тканіны мелі сімвалічнае значэнне, як і сам працэс ткацтва. Нярэдка бакавыя часткі сукна называлі берагамі, а прыстасаванне, якое дапамагала пракладваць нітку паміж асновай, – чаўнаком. У гэтым і праяўляецца культ вады беларусаў.

Ператварэнне хаатычна змешаных валокнаў у тонкую нітку было сапраўднай магіяй. Да думак аб звышнатуральным падштурхоўваў сам працэс стварэння тканіны. Варта было чалавеку павярнуць верацяно, як заблытаны клубок воўны або лёну станавіўся паўнавартаснай асновай для будучай тканіны.

Існуе шмат гісторый і легенд пра беларускія кросны. Ткацкі станок лічылі правадніком паміж светам жывых і мёртвых. Калі ткачыха сядзела за кроснамі, жанчына магла ўбачыць памерлых продкаў. Гарызанталь і вэртыкаль нітак перапляталіся, і разам ўтваралі новы сімвал – крыж. Заправіць кросны мог не кожны. На дапамогу даводзілася клікаць больш дасведчаных жанчын.

Было таксама шмат традыцый і павер'яў, звязаных з працэсам ткацтва. Станок наладжвалі ў цішыні, зачынялі дзверы на замок. Рытуальна важным быў і сам працэс ткацтва. Распачатую аснову ніколі не пакідалі на ноч, каб ніткі не зблыталі чэрці. Старалiся схаваць працу ад гасцей, каб не сурочылі. І калі ўжо пачыналі працу, то абавязкова заканчвалі.

Вытворчасць тканіны прыраўноўвалася да стварэння Богам прыроды і чалавека. Своеасаблівы каляндар ткацтва рэгламентаваў час працы за ткацкім станком. Пачынаўся ён з сяўбы лёну, з варажбы на будучы ўраджай. Першы засеў прыпадаў на час святаў. Лён лічыўся святой раслінай, таму яго і саджалі на палях у сакральны дзень. Iльняная вопратка абараняла чалавека ад холаду і спякоты, рытуальна засцерагала ад знешняга свету. Палоць расліну хадзілі толькі незамужнія дзяўчаты, калі лён яшчэ не завязаўся. Такі звычай звязваўся з ростам і развіццём.

Апрацоўваць расліну пачыналі з Пакравы. Гэта восеньскае свята маркіравала пераход ад палявых работ да хатніх клопатаў. Падчас апрацоўкі лёну з расліны ляцела кастрыца – адраўнелая частка сцябла. Ад слова «кастрыца» і ўтварылася беларуская назва 10 месяца – «кастрычнік».

Каб было чым ткаць, спяшаліся зрабіць ніткі да Калядаў. У кожнай дзяўчыны былі свае здольнасці: адны ткалі грубыя і тоўстыя ніткі, іншыя – тонкія кужэльныя. Прадзенню вучылі і дзяцей, пачынаючы з 8-10 гадоў. Абавязкам падрастаючага пакалення было і суканне ніткі.

Апякункай жаночага рукадзелля лічылі Параскеву Пятніцу. Менавіта таму прасці на пяты дзень тыдня было нельга. Парушэнне гэтай забароны цягнула за сабой з'яўленне перад вачамі святой, цалкам уколатай верацяном. Працаваць за ткацкім станком на свята таксама не дапушчалася. Лiчылася, што ў гэтыя дні адкрываліся парталы ў свет мёртвых, а кастрыца, якая злятала з нітак, запарушвала вочы памерлых. Таму людзі імкнуліся займацца іншымі справамі. Напрыклад, перамотваць ніткі ў клубкі.

Беларусы не ткалі, не шылі і не снавалі падчас Калядаў. Цяжарныя жанчыны асцерагаліся за жыццё дзіцяці – дзіця магло задавіцца пупавінай. Лiчылi, што разам з гузікамі прышывалася і няшчасце. Таму пасля свята іх адрывалі і прышывалі наноў.

Снаваць кросны забаранялася ў панядзелак, бо ў гэты дзень Бог «саснаваў» свет. Затое пасля святаў працэс ткацтва адраджаўся. З гарышчаў даставалі кросны і ўсталёўвалі іх у доме. Спачатку выраблялі белыя палотны або тканіну для адзення. З часам сумныя палотны пачалі ўпрыгожваць арнаментам.

Тканіна мела глыбокае сімвалічнае значэнне, паколькі аддзяляла ўнутраны свет чалавека ад знешняга. Пачынаючы ад Дабравешчання і падчас Вялікага посту перад Вялікаднем жанчыны ткалі «рушнікі». У гэты перыяд чалавек лічыўся чыстым фізічна і духоўна, а значыць дапускаўся да вырабу свяшчэннага палатна. Але варта было Вялікадню скончыцца, як ткацтва цалкам спынялася і станкі заносілі назад на гарышча. Людзі пачыналі займацца адбельваннем тканін, шыццём ці вышыўкай.

Пры стварэнні «рушнікоў» выкарыстоўваліся розныя тэхнікі. Тканіна, выкананая ў бранай тэхніцы, мела люстраную сіметрыю. З аднаго боку вышыўка была чырвоная – колер жыцця, а знізу белая – колер іншасвету. Тэхніка аднабаковага ўзору прадугледжвала наяўнасць малюнкаў на адным баку і «хвосцікаў» ад нітак на адваротным, што суадносілася з каранямі і зямлёй. Цікавая тэхніка «на левы бок», калі ўзор быў знізу, а яго адваротная частка зверху.

Многія лічаць, што ткацтвам традыцыйна займаліся выключна жанчыны. Гэта далёка не так. У якасці эксперыменту можна больш уважліва разглядзець гравюры або амфары Старажытнай Грэцыі, Індыі. У большасці выпадкаў на іх малявалі мужчын за ткацкім станком, нярэдка голых. У сярэднявечнай Еўропе ткацтва было мануфактурай і радавым спосабам заробку. Прынцып такі: дзяўчына выходзіць замуж і пераходзіць у іншую сям'ю, а мужчына застаецца захавальнікам свайго роду. Значыць, і таямніцы продкаў павінен захаваць ён.

На беларускіх землях таксама ёсць свае героі. Напрыклад, знакамітыя слуцкія паясы ткалі менавіта мужчыны. А вось у рукі жанчын кросны пераходзяць толькі ў XIX-XX стагоддзі.

Верылі, што ствараючы ўзоры на тканіне, чалавек ператвараўся ў прарока, здольнага бачыць будучыню.

Сёння людзі таксама цягнуцца да сваіх каранёў, традыцый продкаў. Ніколі не карыстаючыся ткацкім станком, на падсвядомым узроўні чалавек разумее прынцып яго працы. Але калі для запраўкі канструкцыі нам спатрэбіцца калькулятар і мазгавы штурм, то раней нават самыя складаныя схемы жанчыны трымалі ў галаве.

Адна з функцый філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі – аднаўляць архаічныя традыцыі беларусаў, рэканструяваць прадметы і вучыць людзей незабытаму старому. Менавіта тут можна праверыць свае навыкі працы за ткацкім сталом. Абавязкова атрымаецца!

 

Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота Павел БУЛАНАЎ

Фота навіны з інтэрнэт-крыніц

Відэа Павел БУЛАНАЎ

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 14075

Комментарии