У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Cувенирная продукция
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

06.09.2017 Расшыфроўка асноўных беларускіх сімвалаў у арнаменце

Расшыфроўка асноўных беларускіх сімвалаў у арнаменце

Знакі паўсюль. Беларускія, рускія, украінскія, індыйскія – арнаменты ёсць ва ўсіх народаў. І чым архаічней традыцыя, тым больш агульнага знойдзецца паміж культурамі розных краін. Пра беларускі «шкілет» арнаментацыі расказаў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.

Выцягнуты за кантэкст традыцыі знак губляе свой сімвалізм. Нанесены на магніцік альбо цішотку арнамент па-за агульным узорам не значыць нічога, і толькі падчас абраду пачынае працаваць. Але ўніверсальныя значэнні ў знакаў усё ж былі. Ромбы і крыжы стваралі гісторыю беларускай арнаментацыі і адметную сімволіку. Паміж сабой знакі суадносіліся як жаночы і мужчынскі пачатак. Ромб у традыцыйнай культуры ўспрымаўся як сімвал дзяўчыны і зямлі. Гэта не выпадкова: зямля дае новы ўраджай, а жанчына працягвае род.

На тканіне адлюстроўваўся знак ромба ў розных стадыях. Дастаткова ўзгадаць, як расце жыта, каб уявіць і развіццё арнаментацыі ў беларусаў. Спачатку на рушніках з’яўляецца такі сімвал, як глухі ромб. У вёсцы Неглюбка Гомельскай вобласці гэты знак назвалі «глушкай» за адмысловы цэнтр з «зярняткам». Доўгі час збожжа ляжыць у зямлі. Потым усходзяць першыя парасткі, і жыта пачынае цягнуцца да неба. Да беларускага арнаменту дадаецца новы элемент – «Лапа». Ён сімвалізуе сталенне дзяўчыны, пладавітасць. Цэнтрычнае звужэнне ромбаў успрымаецца як знак дзікага поля, некранутасць. Гэта і «чыстая» дзяўчына, і неапрацаваная зямля.

   «Лапа на дваццаць растоў», «глухая лапа» – цнатлівасць, веснавая зямля; зямля, якая красуе; зямля ў квецені, цнатлівая дзяўчына, дзявочая краса, маладосць.

Паступова жыта наліваецца збожжам, і каласы апускаюць сцябло да зямлі. Змяняюцца і простыя элементы арнаменту, нараджаецца «ромб з кручкамі». Саспелае жыта зноў скідае насенне ў зямлю, і працэс аднаўляецца. З гэтага боку «кручча» ператвараецца ў знак бясконцасці і працягу жыцця. Калі прыглянуцца да беларускага сцяга, то «налітыя каласы» лёгка заўважыць і там.

«Кручкаваты ромб з вераб’ямі» – зямля, насенне, пладавітасць, ураджай, кручча – знак пладавітасці, дзевяць крыжыкаў – знак нівы, зараджэння.

За ромбамі ствараецца цэлая сістэма скрыжаваных элементаў. Знакі касога крыжа ў Неглюбскім раёне будуць называць «козлікамі». У традыцыйнай культуры беларусаў гэтыя сімвалы займаюць важнае месца. Ко́злы – гэта ўсё, што перакрыжавана ці мае зверху рогі. Да прыкладу, прыстасаванне для зручнага пілавання дроў у форме «ікса» ці складзенае ў невялічкія пучкі жыта на палях. Гэта і казёл з вясновых абрадавых песняў, і калядная каза, якая «ходзіць і жыта родзіць».  

Ромб «глушка» трансфармуецца ў «перакрыжаваную лапу» і выконвае функцыю прымнажэння, працягу чаго-небудзь. Калі да гэтага ромб быў з адным цэнтрам, то крыж аўтаматычна падзяляе фігуру на чатыры часткі. Больш за сотню арнаментаў зафіксавалі супрацоўнікі Веткаўскага музея ў Неглюбскім раёне. Гэта сапраўдны алфавіт, але грунтуецца ён менавіта на крыжах і ромбах, сплеценых паміж сабой у розных камбінацыях.

  «Лапа на дванаццаць растоў» – засеянае поле, парасткі, квітнеючая зямля, квітнеючая ніва.

Напачатку XX стагоддзя большасць традыцый пераходзіць на бракараўскія «мыльныя» ўзоры. Для павелічэння продажаў мылавар Бракар прыкладваў да прадукту схемы вышыўкі. І жанчыны сапраўды куплялі. Архаічную традыцыю захавалі толькі ў Неглюбскім раёне.

У далейшым арнаменты працягваюць расці, трансфармавацца з геаметрычных фігур у кветкі. Але нават на апошняй стадыі – у раслінным арнаменце – захаваюцца ромб і крыж як падмурак, як адзіны шкілет.

Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота Анастасія КАНЦАВЕНКА

 

 

 

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 760

Комментарии