У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Cувенирная продукция
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

09.08.2017 СВАЁ наРОДНАЕ: якія вясельныя рытуалы захоўвалі нашы продкі?

СВАЁ наРОДНАЕ: якія вясельныя рытуалы захоўвалі нашы продкі?

Вясельная абраднасць беларусаў унікальная. У ёй пераплятаюцца і хрысціянскія, і паганскія традыцыі. Рытуалы аберагаюць маладую сям’ю, папярэджваюць аб магчымых перашкодах. Сучаснае вяселле страціла многія этапы і традыцыі, але нешта ўсё ж захавалася. Аб традыцыйным беларускім вяселлі распавёў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка. 

Трэба сказаць, беларусы адзначалі вяселле доўга, але звязаць адносіны шлюбам можна было не заўсёды. Катэгарычна забаранялася святкаваць вяселле ў пост. Парушэнне гэтай традыцыі магло прывесці маладых да беднасці. Лепшым часам лічыўся перыяд пасля Пакравоў або Калядаў. 
Традыцыйнае вяселле складалася з некалькіх этапаў: агледзіны, запоіны, заручыны, сваты. Незадоўга да вяселля маці жаніха ператваралася ў «шпіёна ў спадніцы». Жанчына прыходзіла на вячоркі або ў хату да нявесты, але нікога не папярэджвала загадзя. На агледзінах сачылі за тым, як працуе маладая, ці ўмее прыгожа ткаць і вышываць, ці паважае старэйшых і ці спакойная абстаноўка ў сям'і. Калі ўсё добра, пераходзілі да наступнага этапу. 
У заручынах удзельнічалі толькі бацька, маці, маладыя і хросныя бацькі. На запоінах сваякоў было пабольш, але і тут стараліся абмежавацца толькі блізкімі.

Затым пачыналася самае цікавае – сваты. На нашай памяці гэты этап захаваўся лепш за астатнія і нават не згубіў былой актуальнасці сярод сучасных пар. На сваты збіралася ад 50 да 100 чалавек. Не запрасіць усіх сваякоў было нельга. Для ўрачыстай падзеі выбіралі вячэрні час, каб не сурочылі. Пра сватаўство ведалі толькі «свае», але варта было пачацца гулянню ў хаце, як гудзець пачынала ўся вёска. 
Падзеі разгортваліся па двух сцэнарыях: добраму і дрэннаму. Патэнцыйная нявеста выносіла гарбуз, калі не жадала браць шлюб з хлопцам. Дзяўчына не казала ні слова, а для жаніха было абразай вяртацца дадому з раслінай. Але гарбуз яшчэ паўбяды, маглі і сапсаваны дзяркач усунуць у рукі. 
Калі дзяўчына падыходзіла да печы – сімвала хатняга ачага – і пачынала калупаць пазногцем па сценках, то адказ яе станоўчы. Пасля запоін або заручын можна вярнуць самагон і ежу. А вось пасля сватаўства адмяніць вяселле было практычна немагчыма. 
Само вяселле святкавалі як мінімум тры дні. Першы дзень гулялі ў хаце жаніха, другі – у нявесты. Трэці дзень ператвараўся ў цэлую касцюміраваную вечарыну. Гумарыстычную і сур'ёзную адначасова. Называлі гэты дзень «цыганы», «хвасты», «платы гарадзіць», «печ ламаць», «куру драць». Бацькоў маладых пераапраналі ў жаніха і нявесту. З палена рабілі дзіця і давалі ў рукі маладой. Карнавальнае шэсце абыходзіла ўсіх гасцей. Сваімі рукамі лавілі курэй у двары, «кралі» прадукты. Сабраную правізію пасля выкарыстоўвалі на святочным застоллі. 
Перад падрыхтоўкай да вяселля пяклі каравай і падыходзілі да гэтага вельмі адказна. Да вырабу рытуальнага хлеба дапускалі толькі маці, хросную і дарослых жанчын. Не дазвалялі пекці ўдовам. Лічылася, што лёс жанчын паўплывае на будучыню маладой дзяўчыны. Сімвалічным быў і сам каравай, які ўвасабляў лёс пары. Нярэдка каравай атрымліваўся такі вялікі, што дастаць з печы яго было немагчыма. Канструкцыю прыходзілася разбіраць, каб не пашкодзіць хлеб. Сапсаваны каравай мог прывесці да бед ў жыцці. Абавязкова запальвалі свечкі, якія павінны гарэць пры дзяльбе каравая і калі маладыя сядзяць за сталом. 

Калі каравай быў гатовы, пачыналі збіраць і нявесту. У гэтай справе адказнасць ляжала на маладых дзяўчатах. Яны вадзілі нявесту ў лазню, апраналі на дзяўчыну вясельны ўбор, рыхтавалі святочны вянок. Традыцыйны вясельны вянок рабілі са штучных кветак. Баяліся, што калі кветкі звянуць, загіне і каханне. Папяровыя кветкі пакрываліся воскам. Часам вянок перадаваўся ад адной дзяўчыны да іншай, але часцей за ўсё ўпрыгожванне захоўвалі толькі ў сям'і. Вянок клалі ў ківот іконы як абярэг. Раніцай і ўвечары жанчына падыходзіла да «чырвонага кута» і малілася. З аднаго боку, яна ўзгадвала прыгажосць і маладосць, з другога – клятву, якую дала перад Богам. 
Перад вяселлем пад абрадавыя песні дзяўчыны ўпрыгожвалі і елку. Такі рытуал характэрны для тэрыторыі Палесся. Дрэва выкупалі разам з нявестай, а потым неслі ў хату жаніха ці ставілі каля абразоў. Праз тыдзень ялінку разбіралі незамужнія дзяўчаты, каб хутка знайсці жаніха ўслед за сяброўкай. 
Вясельныя сукенкі вышываліся белымі ўзорамі па белым. У Неглюбскім раёне абавязковай часткай вясельнага строю быў чырвоны кручаны пояс. Калі муж памёр або загінуў на вайне, а жонка вырашыла пайсці замуж у другі раз, жанчына несла пояс на могілкі і павязвала яго на крыж. Так яна вяртала пояс і прасіла дазволу на вяселле.

Цікава праходзіў выкуп нявесты. У большасці выпадкаў ён мала адрозніваўся ад сучаснага з выплатай грошай. Архаічны варыянт захаваўся на Палессі, калі дарогу маладым перакрывалі запаленымі вогнішчамі і варотамі. На вуліцы разгортвалася цэлае ваеннае дзеянне. Дом і двор дзяўчыны ў прамым сэнсе бралі штурмам. Карані гэтай традыцыі сыходзяць да часоў выкрадання нявест або гвалтоўнага аб’яднання некалькіх родаў. Але ў выпадку з беларусамі ўсё заканчвалася добра: абменам хлеба. А затым «заваяваную» дзяўчыну вялі пад вянец. 
Вянчанне ў царкве было абавязковым. Лічылася, што шлюб заключаецца не на зямлі, а на нябёсах, і маладыя нясуць адказнасць перад Богам. Галоўным элементам вянчання стаў рушнік, які нявеста ткала сваімі рукамі. Тут прасочваюцца не столькі хрысціянскія, колькі дахрысціянскія традыцыі. Рушнік звязваўся з матывам шляху. Значыць, дзяўчына вышывала дарогу для будучай сям'і. Вышытыя цёмныя бакі сімвалізавалі зямлю, пладавітасць, а цэнтральная белая частка звязвалася з верай у Бога і звычайна прыкрывала абраз зверху. 
Пасля вянчання ў царкве любілі браць выкуп з маладых. Пасярод дарогі ставілі лаўку з буханкай хлеба. Пераступаць і аб'язджаць яе баяліся. Каб абыйсці перашкоду, маладыя пакідалі пляшку гарэлкі, забіралі бохан і спакойна ехалі далей. 
Дома кожнаму члену сям'і выдавалі кавалачкі рытуальнага хлеба. Часцей за ўсё каравай рэзаў хросны бацька. Калі яго не было, такую адказную справу перадавалі ў рукі іншаму мужчыне. Рытуал набываў і гумарыстычныя ноткі. Госці дарылі маладым падарункі, часта прыгаворваючы: «Дарую дуба з ралам, каб сын быў генералам», «Дарую дубовую бочку, каб да года дачакаліся дочку», «Дарую міску глін, каб не хадзіў да чужых жанчын», «Дарую ніткі, каб не заглядаў на чужыя лыткі», «Дарую бочку медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі» і іншыя.

Кожны, хто атрымаў кавалак каравая, умоўна даваў згоду на шлюб. У доме ладзіўся цэлы «парламенцкі сход», калі падчас галасавання ўся радня кажа: «Так, можна!». Пасля ўсеагульнай згоды дзяўчыну везлі да мужа. Рабілі гэта таксама ноччу. За маладой цягнулі падушкі і ложак. У вялікім куфры неслі пасаг, які дзяўчына збірала яшчэ да замужжа. Тут былі рэчы, што куплялі бацькі, вытканае адзенне і рушнікі, пакупная тканіна. 
У хаце жаніха маладых сустракалі свёкар і свякроў. Маці хлопца даставала з куфра ўсё і адразу, і развешвала рэчы па хаце. Былі выпадкі, калі гультаяватыя нявесткі клалі на дно куфэркаў сена, таму праверыць на ўсялякі выпадак пасаг было не грэх. 
Ганак лічыўся узвышанай прасторай, дзе жывуць продкі. Дзяўчына не магла пераступіць праз яго, пакуль не стала паўнапраўнай сем’янінкай, «невесць хто». Важным у гэтым выпадку быў знешні выгляд свякрухі. Каб задобрыць продкаў, жанчына апранала на сябе вывернуты кажух. У народных песнях яе часта параўноўвалі з мядзведзіцай. Бацькі жаніха трымалі хлеб, мёд, самагон – абрадавую ежу, якая сустракала маладых у новым жыцці. Затым дзяўчыну пераносілі праз ганак, і яна вешала на абраз новыя рушнікі. Як казалі ў народзе, «паверх свякрушыных пяньковых, свае шаўковыя». 

Першая вясельная ноч была накіравана на працяг роду, таму ў ложак да маладых клалі рытуальныя рэчы: каравай, хлеб і нават сякеру. Раніцай дзяўчыну правяралі на цнатлівасць. Калі маладая страціла сваю чысціню да гэтай падзеі, на суд выклікалі маці дзяўчыны. За тое, што не зберагла дачку, жанчыне апраналі хамут або дзіравы кош на шыю і праводзілі праз усю вёску з ганьбай. Пасля гэтага шлюб разрывалі не заўсёды. Калі дзяўчына працавітая, дараваць можна. 
У хлопцаў быў статус недатыкальнасці. Яны маглі гуляць з двума, трыма і нават пяццю дзяўчатамі запар. У этнаграфіі зафіксавана толькі некалькі прыкладаў, калі бацька правяраў цнатлівасць сына. За тое, што не захаваў чысціню, хлопца маглі прылюдна адлупцаваць. 
У першы раз дзяўчына вярталася ў дом бацькоў на «пярэзвы». У гэты дзень бацькі хлопца і сам жаніх ішлі ў дом маладой. Калі дзяўчына не вытрымае тыдня і пойдзе задоўга да рытуальнай часткі свята, то шлюб будзе нядоўгім.

БЕЛАРУСКІ СЛОЎНІЧАК:

КУФЭРАК

СПАДНІЦА

ДЗЯРКАЧ

ГАРБУЗ

АБРАЗ

ЯЛІНКА

Падрыхтавала Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота Анастасія КАНЦАВЕНКА

Фота для слоўнічка з інтэрнэт-крыніц

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 13306

Комментарии